СЛО́НІМСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў 1906—18. Падпарадкоўваліся Віленскай навуч. акрузе. Жаночая гімназія засн. 24.9.1910. Мела падрыхтоўчы і 7 асн. класаў. У 6-м і 7-м класах былі паралельныя аддзяленні. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне (80 руб. штогод з вучаніцы) і фін. дапамогі з казны. У 1911 вучылася 338 дзяўчат, у 1915—260. Гімназіяй кіраваў дырэктар, працавалі гал. наглядчыца і 9 класных наглядчыц, 4 законанастаўнікі, 11 выкладчыкаў, урач і дантыст. Сярод выкладчыкаў выхаванцы ун-таў Масквы, Пецярбурга, Кіева. Міргарадскай прамысл.-маст. школы, Беластоцкага Мікалаеўскага ін-та, гімназій Гродна, Гомеля і інш. Выкладаліся: Закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, гісторыя, прыродазнаўства, матэматыка, фізіка, маляванне, гігіена, геаграфія, рукадзелле, спевы і танцы. У час 1-й сусв. вайны (восень 1915) пераведзена ў г. Калуга. Спыніла дзейнасць у 1918. Жаночая прыватная яўрэйская прагімназія Х.​Я.​Орман-Юдкоўскай пераўтворана 3.11.1906 з прыватнага вучылішча (дзейнічала з 1898). Мела падрыхтоўчы і 4 асн. класы. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне (30—50 руб. штогод з вучаніцы) і дапамогі ў 200 руб. з сум мясц. карабейнага яўр. збору. У 1911 вучыліся 130 дзяўчат, у 1915—121. Працавала 13 чал., сярод іх выхаванцы Кіеўскага політэхн. ін-та, Віленскага яўр. настаўніцкага ін-та, гімназій Гродна, Дзвінска, Магілёва, Ваўкавыска і Віцебска. Выкладаліся: закон яўр. веры, гісторыя, рус., ням. і франц. мовы, прыродазнаўства, геаграфія, рукадзелле, арыфметыка, чыстапісанне. Спыніла дзейнасць у 1915.

Літ.:

Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985;

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968.

А.​Ф.​Самусік.

т. 15, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)